Видео

Гісторыя драўлянага дома ў Гомелі

13 Мая 2015 3374 0 Город

Энтузіясты з Гомеля стварылі матывацыйны ролік, у якім за адну хвіліну распавядаюць тыповую гісторыю драўлянага дома свайго горада. Дзякуючы роліку, яго аўтары імкнуцца прыцягнуць увагу да праблемы знішчэння драўлянай архітэктуры, заклікаюць "не хаваць гісторыю пад пластыкам".

Видео: youtube.com/27lipienia

Гістарычная асаблівасць Гомеля – яго традыцыйная драўляная архітэктура, якая з’яўляецца адной з самых цікавых у Беларусі. Напачатку ХХ ст. горад на 90 адсоткаў быў драўляным. Сёння гістарычных будынкаў, якія былі зроблены з гэтага матэрыялу, засталося вельмі мала: вялікая частка была знесена зусім нядаўна пад жылёвыя патрэбы горада. Таксама аўтэнтычны выгляд дамоў псуюць іх жа гаспадары, якія часта абшываюць будынкі сайдынгам, знімаюць унікальны разны дэкор для ўсталёўкі вокнаў ПВХ і інш. З тысячы драўляных будынкаў, якія з’яўляліся часткай старога горада, ў арыгінальным выглядзе засталіся адзінкі.

На думку аўтараў роліка, сёння назіраецца дзіўная мода на пластык, хаця яго практычныя перавагі над дрэвам невідавочныя. А ў эстэтычным плане выкарыстанне гэтага таннага матэрыялу пераўтварае арыгінальны архітэктурны твор у бязлікую пабудову. Сайдынг – гэта хутчэй для многіх умоўны паказчык заможнасці, хаця і сумнеўны. Што тычыцца сучасных вокнаў, то для іх усталёўкі зусім не абавязкова знішчаць унікальны разны дэкор. Сёння існуе багаты выбар розных вокнаў, якія могуць быць стылізаваныя пад эстэтыку старога драўлянага дома і адпавядаць сучасным патрэбам. Таму ў роліку зроблена спроба паказаць прыгажосць драўлянага будынка, а таксама гучыць заклік да гаспадароў такіх дамоў “не хаваць гісторыю пад пластыкам”.

Над прадстаўленым ролікам працавалі: гісторык і рэжысёр Марыя Булавінская, архітэктар і краязнаўца Сяргей Ляпін, дызайнер-аніматар Раман Гарлінскі. Кансультаваў па пытаннях навуковай рэканструкцыі дома Андрэй Скідан – навуковы супрацоўнік філіяла Веткаўскага музея старабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава. Прататыпам дома для рэканструкцыі паслужыў гомельскі дарэвалюцыйны будынак на вул. Гагарына, 11. Яго гісторыя вельмі характэрна для шматлікіх драўляных будынкаў. Таксама на фоне дома можна пабачыць фатаграфічныя выявы гомельцаў розных часоў.

Працягам працы па папулярызацыі драўлянай архітэктуры Гомеля аўтары роліка бачаць у работах па рэстаўрацыі драўляных дамоў. Яны запрашаюць аматараў даўніны далучыцца да бліжэйшай ініцыятывы, якая прадугледжвае гістарычнае аднаўленне фасада аднаго з гомельскіх дамоў.

Усе працы будуць весціся ў маі-чэрвені пад кіраўніцтвам адмыслоўца Андрэя Скідана.

Рекомендуемое видео

Loading...
Информационная поддержка
Google+